7fd63a3e     

Колас Якуб - Вадаспад (На Белорусском Языке)



Якуб Колас
Вадаспад
I
На гэты вадаспад, што так гучна сакатаў на ўсю ваколiцу, было шмат
нараканняў. Наракалi на яго алешыны, якiя звешвалi над iм зялёны вяночак
злучаных угары верхавiн; наракаў лес. Нават сярод птушак траплялiся такiя, што
не мелi вока на гэты шумлiвы, заўжды парывiсты i не ў меру гаманкi вадаспад.
- Цi дасi веры, любачка, - казала чарнагрудая плiска кропельцы расы, што
выступiла на чарнабыльнiку, - такi жаль, такi жаль! I навошта дае Бог сiлу
крыўдзiцелям? Цi ж для таго толькi, каб прыгнятаць слабых?
- А што такое, мiлая плiсачка? - спытала роска.
- Ох! несла я пушынку, - такое прыўдалае перачка. Ну, думаю, добрая будзе
пасцелька для маiх дзетак. Аж лячу над вадаспадам, выпусцiла пушынку, трапiла
яна якраз у вiр i прапала... От i вазьмi ж ты - такая самая, здаецца, вада,
такая ж самая, як i ўсюды; дый ты сама, любка роска, такая ж самая вадзiца, як
i ў тым вадаспадзе, а вось жа ты спакойная i з табою люба пагаманiць.
Прамень сонейка, прабiўшы гушчар зялёнага лiсця, дакрануўся да расы, i яна
ўся заiскрылася, зачырванелася, бы гожая дзяўчына, якой сказалi, што яна
прыгожая i мiлая.
- Я - частачка таго самага вадаспада, на якi ты так крыўдуеш, - сказала
расiнка i яшчэ больш загарэлася: ёй прыкра было слухаць скаргу
плiскi-даўгахвосткi, бо i сама яна, роска, была крыху вiнавата ў гэтым яе
горы.
- Ты?! - здзiвiлася плiсачка.
- Я, я... Прабачай, мiлая!
Чарнабыльнiк, пачуўшы гэта, цiха засмяяўся i загайдаўся ад смеху. Беднай
росачцы зусiм сорамна стала, i яна, адбiўшы ў сабе апошнi раз прамень сонца,
упала на дол i знiкла. Здзiўленая плiсачка пакiвала галоўкай, пакруцiла
хвосцiкам i паляцела на раздабыткi.
II
У высокiх алешын, што стаялi непадалёку, таксама былi прычыны вялiкай
крыўды на вадаспад. Алешыны - кампанейскiя дрэвы, яны любяць гурт, любяць
жывую гутарку з ранiшнiмi вятрамi; i яшчэ - любяць алешыны сваiх дзетак.
Старыя алешыны хацелi перакiнуцца хоць словам, гаманiлi адна з другой на вуха,
але нiчога не маглi расчуць за страшэнным шумам вады. Яны нахiлялiся,
злучалiся верхавiнамi, - усё дарэмна: гiнулi iх словы i думкi прападалi, не
даходзiлi да iх. Цi не здзек рабiў iм гэты неўтаймаваны вадаспад? Дзе iх
дзецi? Хто пацешыць iм старыя вочы? Хто дасць палёгку iм у старасцi? I толькi
адна крайняя алешына зрэдку мела магчымасць загаварыць з дожджыкам. Старая
кожны раз дзякавала дожджыку, што ён не пагарджаў ёю.
- На сэрцы робiцца лягчэй, калi хоць слоўкам перамовiшся, - казала старая.
- I чаму не ўсе роўныя на свеце: i ты, дожджык, - вада, i там вада... А вазьмi
ж ты...
- I я - тая самая вада, што ў вадаспадзе; яшчэ тыдзень таму я грымеў там
разам з мiльёнамi iншых кропелек, - з гордасцю прамовiў ён тысячамi дажджынак.
У гэты момант хмары разарвалiся, сонейка зiрнула на зямлю блiскучымi
стрэламi яркiх праменняў, i дрыготнымi зоркамi заварушылiся, заззялi дажджавыя
кроплi на старой алешыне.
- Не, не можа быць, не можа быць! - здзiвiлася яна. - Цi ж можна раўняць
iх?
Ах, як хацелася ёй пагаманiць аб гэтым з суседкамi!
III
Старасвецкi лес, асаблiва тыя сыны яго, што стаялi непадалёку ад
вадаспада, даўно ўжо сярдзiта шумелi, сварылiся i гразiлi вадаспаду. Лес любiў
спакой, у яго ёсць важныя думкi, мары. Лес хацеў паслухаць, як спяваюць
прыгожыя птушкi, як шэпчацца зялёнае лiсце з цiхiмi кроплямi цёплага дожджыку;
лес хацеў пранiкнуць у цiшыню i зразумець таемнасць свету. Лес любiў i буру,
любiў паспрачацца з ветрамi-вар'ятамi, любiў рух-сiлу, але вечнага няўпыннага




Содержание раздела