7fd63a3e     

Колас Якуб - Чортаў Камень (На Белорусском Языке)



Якуб Колас
Чортаў камень
Нiхто не памятае таго часу, калi i як папаў сюды гэты камень. Самыя старыя
людзi расказваюць, што яшчэ iх дзяды i прадзеды помняць яго. I называўся ён
Чортаў камень. Чаму далi яму такую назву, не ведаю. Можа, за яго бязмерную
велiчыню, а можа, i за тое, што гэты камень многа зла прынёс i прыносiць
людзям. Колькi людскiх калёс i восей пабiта i паламана аб камень! Колькi
пакалечана рук i ног! А гузоў колькi набiлi тут людскiя голавы!
Каля каменя iшла дарога. Невядома, чаму людзi выбралi сабе тут дарогу, хто
першы праехаў, пралажыў тут след i павёў за сабою другiх?
Многа адказаў ёсць на гэта пытанне, многа легенд зложана людзьмi пра
Чортаў камень: розум чалавечы не можа заспакоiцца, пакуль не вытлумачыць сабе
цёмнага, невядомага, няяснага. Казалi, што камень прынеслi сюды нейкiя старцы
i налажылi на яго праклён, асудзiўшы яго на доўгiя вякi ляжаць на гэтым месцы.
Людзi добра ведалi, колькi зла i няшчасця было iм ад Чортавага каменя, але
нiхто не хацеў першы прыкладаць рук, каб скiнуць яго. Праўда, на гэта былi
важныя прычыны: камень быў надта вялiкi - мала чым меншы за добрую хату;
другая прычына - не ўсе сыходзiлiся на думцы, што камень трэба непрыменна
прыбраць. Адны гаварылi, што чапаць камень - грэх; другiя казалi, што на
камень наложаны праклён i крануць яго боязна - можа здарыцца якое-небудзь
няшчасце. Былi i такiя людзi, якiя проста стаялi за тое, што камень i павiнен
быць тут, каб людзi вучылiся быць асцярожнымi i разумнымi, каб умелi самi
абладзiць сваю бяду, сваё няшчасце, бо каб не было на свеце зла, дык кожны
дурань лёгка трапiў бы ў рай.
Прычына трэцяя - нiхто не давёў добрага спосабу, як узяцца за справу.
А часы iшлi. Памiралi адны людзi, на змену iм з'яўлялiся другiя, трэцiя i
гэтак далей. Змянялася нават само аблiчча зямлi: лясы змянялiся палямi, на
палях зноў раслi дрэвы; толькi Чортаў камень ляжаў i ляжаў такi ж вялiкi, такi
ж маўклiвы, дзiкi, непрытульны, абросшы густым мохам. Аднак доўгiя вякi ўсё ж
пакiдалi i на iм свой след: камень, хоць i мала, асядаў у зямлю. I, казалi,
будзе такi час, калi мiнецца закляцце, ён сам знiкне з твару зямлi, сыдзе ў яе
нетры.
Змяняецца свет, разумнеюць людзi. Цяпер яны многа гавораць пра Чортаў
камень, i думкi iх падзялiлiся: адны стаяць за тое, каб гэту справу з каменем
аддаць на суд часу; другiя даводзяць, што лепш адразу пакончыць з iм, парваўшы
яго порахам. Чыя тут праўда, няхай мяркуе той, хто пачуе гэту казку.