Колас Якуб - Тоўстае Палена (На Белорусском Языке)Якуб Колас Тоўстае палена I - Не! Я яго-такi жыцця рашу. У катаргу пайду, а галаву яму скручу! Злосна прайшоўся Паўлюк па хаце i з сiлаю шпурнуў на лаву рукавiцы. Жонка, стоячы з вiлкамi каля печы, так i застыла. У чыгунчыку пабегла зацiрка, а яна ўсё стаiць, слухае, чаго крычыць Паўлюк i хто яго так угнявiў. Паўлюк Трывай толькi што прыехаў з лесу. I трэба ж было чарцям нагнаць на гэты час аб'ездчыка на камору! Знайшоў адно паленца, таўсцейшае процi меры, i з-за таго паленца абярнуў увесь воз дроў. - А каб на цябе лiха абярнулася, трасца тваёй матары, гад ты печаны! Каб табе мазгi звярнулiся! Нiяк не мог супакоiцца Паўлюк. - Гэта ўсё Сучынскi? - пытае жонка. - А няўжо ж хто. Ён! - От гад! Праўдзiвы сабака. Вельмi верны служака. Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Думаеш, мiласць заслужыш у князя? А як жа! Расчыняй губу! Паўлюк тым часам сцiх. Сядзiць над мiскай з гарачым квасам i думае, вiдаць, важную думку, бо ўжо заметна было, як хадзiлi яго скiвiцы: не так проста, як звычайна, а нейк трохi наўкруг, як жорны. I праўда - Паўлюк думаў. Думаў, як злавiць Сучынскага i паказаць яму гэтае палена на яго ўласнай скуры. II Прайшло ўжо з тыдзень часу, а злосць Паўлюка на аб'ездчыка Сучынскага ўсё не астывае. Ды як ёй астыць, скажыце? Пойдзе Паўлюк ранкам даваць каню сена, пападзецца пад ногi палена i лiшнi раз напомнiць Паўлюку тое тоўстае палена, з-за якога яму Сучынскi звярнуў на каморы дровы. I дзе ён нi павернецца, то ўсюды так цi iначай натыкаецца на праклятае палена. Пойдзе да суседа, там якраз на дрывотнi пiлуюць палена. Зойдзе ў хату, - у хаце суседская жонка, як сумыслу, гаворыць: - Ото-ж якое тоўстае палена! I ў печ не ўправiш! Выйдзе Паўлюк на вулiцу, там якi-небудзь сабакар ганяецца з паленам за сабакамi. Палена, палена i палена! Бадай вы пагарэлi! Як бы на свеце больш i няма нiчога, апроч гэтага палена. А ляжа Паўлюк спаць, перад вачыма так i стаяць палены. - Ну ж, гад! Не дажджэ тваё лiха! - скрозь зубы цэдзiць Паўлюк i варочаецца на другi бок. - Мамка! - крычыць дзесь у кутку малы хлопчык, сын Паўлюка: - я скочваюся; цi няма чаго палажыць збоку? - Злезь, сынок, пашукай каля печы палена i падлажы пад сеннiчок, - адзываецца з-пад лахманоў мацi. Паўлюк сярдзiта варушыцца на пасцелi i стогне, як звязаны стары маркач, якога стрыгуць. А хлопчык ужо шворыцца каля печы. - Чорт iх ведае, якiя тут палены! - бунтуецца хлопец: - усё нейкiя так плашкi. Каб дзе знайсцi крыху таўшчэйшае. - Пайшоў спаць! Сну на цябе няма! - не вытрымлiвае Паўлюк i падымае галаву, а сын, узяўшы палена, шыбуе ў запек i грукае паленам на ўсю хату. Паўлюк успамiнае Сучынскага i ад злосцi скрыгiча зубамi. - Што ты, Паўлюк, скрыгiчаш? - пытае, лежачы збоку, жонка. - Нешта, падла, зуб заныў, - лжэ Паўлюк, каб адчапiцца, i варочаецца ад жонкi ў другi бок. - А ты вазьмi сцюдзёнай вады, там каля парога стаiць на палене, - радзiць Паўлюку жонка. - Спi лепей! - сцяўшы зубы, гаворыць Паўлюк. Патрошкi ў хаце ўсё зацiхае, i салодкi сон усiм змыкае вочы. Адны толькi насы зайгралi цяпер на ўсе галасы. Адзiн нос тоненька высвiстваў: - Э-ге! Э-ге! Другi жаласна ныў, як малады каршун у гняздзе: - Фю! Фю! Нос самога Паўлюка граў тоўста, з лёкатам i перабоямi, як бусел над маладымi буслянятамi. Так i вiдаць было, што гэтак можа iграць толькi гаспадарскi нос. Паўлюк спаў, але i сплючы не мог ён пазбавiцца ад праклятага палена. Прыснiўся яму сон. Здаецца, едзе ён з лесу, вязе дровы. Спатыкаецца Сучынскi, i Паўлю |